Люблю, хвалююся – жыву

22 снежня споўніцца 100 год заслужанаму работніку культуры Беларусі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі, пісьменніце, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года Алене Сямёнаўне Васілевіч.

Нарадзілася Алена Сямёнаўна 22 снежня 1922 года ў весцы Ліпнікі Слуцкага раёна ў сям’і ляснога аб’ездчыка. На восьмым годзе жыцця засталася без бацькоў. Выхоўвалася ў сваякоў.

Паступіўшы ў Слуцкае педагагічнае вучылішча, Алена «пайшла на свой хлеб» – пачала атрымліваць стыпендыю. Затым вучылася на літаратурным факультэце Рагачоўскага настаўніцкага інстытута (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў эвакуацыі ў Арэнбургскай вобласці. Працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі. Вярнулася ў Беларусь у 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска. Паступіла на філалагічны факультэт БДУ – была залічана адразу на трэці курс (скончыла ў 1946 годзе). Працавала ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», была загадчыцай аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка» (пазней «Алеся»).

Алена Васілевіч – аўтар празаічных твораў для дарослых і дзяцей.

Першы мастацкі твор Алены Васілевіч, аповесць «У прасторах жыцця», быў надрукаваны ў 1947 годзе на старонках часопіса «Беларусь». Адзін за адным выходзяць зборнікі «Блізкія і знаёмыя» (1954), «Заўтра ў школу» (1956), «Сябры» (1958), «Апавяданні» (1959), «Падслухала сэрца» (1960) і інш. У 70-гады выходзяць зборнікі апавяданняў «Адно імгненне», «Мыс Добрай Надзеі». Аўтар кніг «Першая жонка нябожчыка» (2002), «Горкі ліпавы мёд» (2011) і інш.

На аўтабіяграфічным матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся…», якую склалі аповесці «Расці, Ганька» (1966), «Доля знойдзе цябе» (1968), «Новы свет» (1970), «Пачакай, затрымайся…» (1979). У ёй адлюстраваны няпросты шлях у жыццё дзяўчыны з маленькай беларускай вёсачкі, духоўнае сталенне чалавека. Алена Васілевіч была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі менавіта за гэту тэтралогію.

Менавіта да 100-годзя з дня нараджэння Алены Васілевіч бібліятэка мікрараёна Быхаў-1 падрыхтавала віртуальную кніжную выставу «Люблю, хвалююся – жыву», каб пазнаеміць чытачоў з больш вядомымі творамі вядомай беларускай пісьменніцы.

Васілевіч, А. Выбраныя творы / Алена Васілевіч. — Мінск: Беларуская навука, 2010. — 532 с. — («Беларускі кнігазбор»).

Кнігу выдатнага мастака слова, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алены Васілевіч склалі тры аповесці з яе славутай тэтралогіі «Пачакай, пратрымайся», найлепшыя апавяданні і эсэ розных гадоў.

Пяцьдзесят трэці том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».

Васілевіч, А. Горкі ліпавы мед : апавяданні / Алена Васілевіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. — 263 с. — (Школьная бібліятэка).

Творы Алёны Васілевіч вызначаюцца дабрынёй і лірычнасцю, спалучэннем драматычнага і камічнага. Апавяданні, якія ўвайшлі ў гэты зборнік, напісаны ў розныя гады, але не губляюць сваёй прыцягальнасцю і будуць цікавыя сучаснай моладзі.

Васілевіч, А. Пачакай, затрымайся… : аповесці / Алена Васілевіч. — Мінск : Юнацтва, 1994. — 526 с.

Тэтралогія Алены Васілевіч «Пачакай, затрымайся… » аб’яднала чатыры аповесці, раней ужо вядомыя чытачам: «Расці, Ганька», «Доля знойдзе цябе», «Новы свет», «Пачакай, затрымайся… ». Разам з гераіняй тэтралогіі Ганькай і яе аднагодкамі чытач пройдзе па нялёгкіх дарогах дзяцінства і юнацтва таго пакалення, якое нарадзілася ў дваццатыя і мужала ў трыццатыя гады. Раздзел «А праз месяц і дванаццаць дзён пачалася вайна» – гэта, па сутнасці, лагічны працяг лёсу герояў тэтралогіі.

Васілевіч, А Вернісаж : апавяданні / Алена Васілевіч ; [ілюстрацыі Юліі Ермаліцкай]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. — 111 с.

У апавяданнях выдатнага майстра слова, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Алены Васілевіч светлы свет маленства, у якім заўжды есць месца роздуму і весялосці. Чытайце гэтую кнігу і вы даведаецеся, чаму рукавічка калінавая, хто такая Геша, як не трэба лекаваць сястрычку, як стварыць маме вернісаж.