Максім Танк (сапраўднае імя — Яўген Іванавіч Скурко) – народны паэт Беларусі, грамадскі дзеяч, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1948), Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1959), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1966), Ленінскай прэміі (1978), Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1980).
Нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у вёсцы Пількаўшчына Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў беларускай сялянскай сям’і.
Вучыўся ў Вілейскай, Радашковіцкай і Віленскай гімназіях. Актыўны ўдзельнік камсамольскага і камуністычнага падполля, барацьбіт за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных былой Заходняй Беларусі, за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Неаднойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі, сядзеў у турмах.
У час Вялікай Айчыннай вайны — супрацоўнік франтавога друку, газеты «За Савецкую Беларусь» і агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».
Пасля вайны — літаратурны супрацоўнік часопіса «Вожык» (1945—1948), галоўны рэдактар часопіса «Полымя» (1948—1966), першы сакратар, старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі (1966—1990). Актыўна займаўся грамадскай працай як дэпутат Вярхоўнага Савета СССР (1969—1989) і БССР (1947—1971), старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1963—1990), старшыня Беларускага аддзялення Усесаюзнага таварыства савецка-польскай дружбы, член Савецкага камітэта абароны міру, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР і інш.
Друкавацца пачаў у падпольных камсамольскіх і партыйных выданнях з 1932 г. У тым жа годзе пачаў карыстацца псеўданімам Максім Танк.
Першыя кнігі паэта з’явіліся ў Вільні: «На этапах» (1936), «Журавінавы цвет» (1937), «Пад мачтай» (1938), паэма «Нарач» (1937). За шэсць наступных дзесяцігоддзяў багатая і разнастайная творчасць Максіма Танка прайшла пэўную ідэйна-мастацкую эвалюцыю.
Ужо ў першыя пасляваенныя гады М. Танк становіцца ў шэраг вядучых пісьменнікаў Беларусі, кожная новая кніга яго прыцягвае ўсеагульную ўвагу, яго творчасць пачынае вывучацца ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах Беларусі.
Максім Танк у сваіх зборніках «На камні, жалезе і золаце» (1951), «У дарозе» (1954), «След бліскавіцы» (1957), «Глыток вады» (1964), «Хай будзе святло» (1972), «Дарога, закалыханая жытам» (1976), «Прайсці праз вернасць» (1979), «За маім сталом» (1984), «Збор калосся» (1989), «Мой каўчэг» (1994) і іншых звяртаўся як да сучаснасці, так і да мінулага Беларусі, да фальклорных сюжэтаў, славіў працу рабочых, хлебаробаў, дружбу народаў.
Пленная творчая, працоўная і грамадская дзейнасць Максіма Танка адзначана званнямі народнага паэта Беларусі (1968), акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1972), Героя Сацыялістычнай Працы (1974), многімі літаратурнымі прэміямі, сярод якіх — Ленінская прэмія (1978, за кнігу «Нарачанскіе сосны»), Дзяржаўная прэмія СССР (1948, за кнігу «Каб ведалі») і Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы (1966, за кнігу «Мой хлеб надзённы»), ордэнамі і медалямі СССР (у тым ліку чатырма ордэнамі Леніна, ордэнамі Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны, Дружбы народаў) і Польскай Народнай Рэспублікі (афіцэрскім крыжам Адраджэння Польшчы, ордэнам Заслугі ПНР). У 1987 г. яму было прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінска.
Памёр Максім Танк у Мінску 7 жніўня 1995 г., пахаваны (паводле завяшчання) на могілках вёскі Слабада (каля Пількаўшчыны) Мядзельскага раёна.
Да юбілею народнага паэта Беларусі бібліятэка мікрараёна Быхаў-1 прапануе віртуальную кніжную выставу «Не баяўся я ў жыцці прысуду…», дзе ўсе жадаючыя змогуць бліжэй пазнаеміцца с жыццем і творчасцю Максіма Танка.
Танк М. Мне пару крыл дало юнацтва…: Выбраная лірыка / Максім Танк; укладанне В.Рагойшы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2003. – 479 с. – (Беларуская пазія ХХ стагоддзя).
У кнігу народнага паэта Беларусі Максіма Танка ўвайшлі ўзоры яго інтымнай, грамадзянскай, пейзажнай і філасофскай лірыкі, а таксама асобныя сатырычныя вершы. Творы згрупаваны ў асобныя раздзелы паводле іх жанравай прыналежнасці, што, апрача ўсяго, дазваляе не толькі лепш задаволіць разнастайны густ шырокага чытача, але і зручней карыстацца кнігай пры вывучэнні «праграмных» твораў паэта ў сярэдніх і вышэйшых навучальных установах нашай краіны. |
Танк М. Дарога і хлеб : Лірыка / Максім Танк. – Мінск : Юнацтва, 1988. –110 с. – (Паэтычная б-ка)
Паэтычны зборнік склалі лепшыя творы паэта, адрасаваныя моладзі. Гэта вершы пра мір і шчасце людзей, яны адкрываюць узнёсла-рамантычную, гераічную прыроду таленту Максіма Танка. |
Танк М. Мой каўчэг : Вершы. 1989 – 1992 / Максім Танк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 207 с.
Кніга «Мой каўчэг» — плённы вынік чатырох гадоў работы паэта. У ягоных вершах заўсёды эстэтыка суладнічае маралі, слова адпавядае музыцы, эмацыянальны жэст — думцы. Максім Танк усе той жа майстар, які здзіўляе сваім талентам не адно пакаленне чытачоў. |
Танк М. Дарога, закалыханая жытам : Вершы / Максім Танк. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1976. –208 с.
У кнігу ўвайшлі вершы аб Радзіме, аб працоўных здзяйсненнях сучаснікаў. Пранікнена, па-майстэрску піша Максім Танк аб прыгожасці беларускай зямлі: яе барах і азерах, палях і рэках. |
Танк М. Errata : Вершы. Пераклады / Максім танк. –Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. –143 с.
Паэтычны зборнік «Errata» асаблівы ў творчасці паэта. Выйшаў ён у 1996 годзе, калі ўжо некалькі гадоў існавала незалежная Рэспубліка Беларусь, а вершы, якія складаюць кнігу, былі напісаныя ў часы станаўлення незалежнай Беларусі – у 1993-94 гадах. Праўда, сам паэт гэты зборнік не пабачыў – ён памёр 7 жніўня 1995 года. Тут варта патлумачыць, што азначае слава еrrata – адысловы ўкладыш у друкаванае выданне, на якім друкуюцца знойдзенныя ў выданні памылкі. У раздзеле «Дарожныя сустрэчы» змешчаны пераклады. |
Гэтыя і другія кнігі народнага паэта Беларусі Максіма Танка ўсе жадаючыя могуць знайсці ў бібліятэцы мікрараёна Быхаў-1. Калі ласка да нас!