Летапісец свайго народа

3 лістапада 2022 года Беларусь адзначыла 140-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, знакамітага песняра беларускага народа, народнага паэта Якуба Коласа.

Са старонак самых першых, прачытаных па складах кніг прыходзіць у наша жыццё гэтае імя — Якуб Колас. Прыходзіць, каб падарыць велізарны паэтычны свет, напоўнены фарбамі, гукамі, пахам роднай зямлі. Свет гэты ўвабраў у сабе гарачую любоў да чалавека, спакойную мудрасць і дабрыню народа, вялікую веру ў яго шчасце. Багатая спадчына Якуба Коласа належыць не толькі нам, беларусам, а і ўсяму свету, а сам пясняр быў і застаецца вялікім сынам свайго часу і сваёй краіны.

Колас! Колькі ў гэтым слове чалавечага сэнсу і цяпла! Колас — гэта хлеб, гэта само жыццё. І не выпадкова наш пясняр, чыё сэрца было поўна да краёў гукамі самога жыцця, сваімі творамі ўзнёс беларускую літаратуру на сусветны ўзровень, выявіў незвычайную сілу і творчую моц беларускага слова.

Да 140 годзя з дня нараджэння Якуба Коласа бібліятэка мікрараена Быхаў-1 падрыхтавала віртуальную кніжную выставу «Летапісец свайго народа», каб пазнаеміць чытачоў з больш вядомымі творамі беларускага Песняра.

Колас, Я. На ростанях : трылогія / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 662 с.

Трылогія складаецца з аповесцей «У палескай глушы», «У глыбі Палесся», «На ростанях». Дзеянне рамана адбываецца на Беларусі ў перыяд першай рускай рэвалюцыі, гады сталыпінскай рэакцыі і новага ўздыму рэвалюцыйнага руху. Малюючы шырокую карціну жыцця беларускага народа, аўтар асноўную ўвагу ўдзяляе праблеме гістарычнага лёсу інтэлігенцыі. Галоўны герой трылогіі – вясковы настаўнік Андрэй Лабановіч, які шукае правільныя шляхі да яднання з народам, да рэвалюцыі. У гэтым вобразе ўвасоблены лепшыя рысы перадавой інтэлігенцыі таго часу. Твор Я. Коласа напісаны з глыбокім веданнем народнага жыцця, псіхалогіі людзей і вызначаецца нацыянальным каларытам

Колас, Я. Новая зямля; Сымон-музыка : паэмы / Якуб Колас ; [прадмова М. Мушынскага, с. 3-19]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 550 с.

Паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» належаць да лепшых здабыткаў паэтычнай спадчыны народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа (1882—1956).

Колас, Я. Песні жальбы; Казкі жыцця : для старшага школьнага ўзросту / Якуб Колас ; прадмовы У. Гніламедава, М. Мушынскага. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 230 с.. – (Бібліятэка школьніка).

Перавыданне першай кнігі паэзіі класіка беларускай літаратуры Я. Коласа «Песні жальбы» і ягонага шэдэўра прыгожага пісьменства «Казкі жыцця».

Колас, Я. Пісаравы імяніны : гумарыстычныя апавяданні / Якуб Колас. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 263 с.. – (Бібліятэка школьніка)

У кнігу класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа (1882 – 1956) увайшлі ўсе гумарыстычныя і сатырычныя апавяданні, напісаныя ім у розных жанрах за розныя гады. Гэта, практычна, першае выданне, дзе падсумоўваецца Коласава смехавая проза. Кніга адкрываецца сціслым нарысам, які ўводзіць чытача ў тэорыю і гісторыю смеху.

Колас, Я. Дрыгва : аповесць, апавяданні / Якуб Колас. – Мінск : Юнацтва, 2000. – 224 с.

У 1933 годзе была надрукавана аповесць Якуба Коласа «Дрыгва», прысвечаная партызанскай барацьбе на Палессі падчас грамадзянскай вайны. Аповесць вельмі хутка стала адной з самых любімых кніг беларускага чытача, асабліва моладзі.
У кнігу класіка беларускай літаратуры Я. Коласа (1882—1956) увайшлі аповесць «Дрыгва», апавяданні «Кантракт», «Калодка пчол», «Курсквя анамалія» і іншыя.

Колас, Я. На шляхах волі : паэма / Якуб Колас ; прадмова М. Мушынскага. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 270 с.

«На шляхах волі» — паэма пра падзеі Першай сусветнай вайны, удзельнікам якіх быў сам Якуб Колас. Асабіста ўбачанае і перажытае ім стала гарантам праўдзівага адлюстравання народнай трагедыі, а талент забяспечыў высокі ўзровень мастацкай дасканаласці твора.

guest

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии