З нагоды 140-годдзя з дня нараджэння народных паэтаў бібліятэка мікрараёна Быхаў-1 падрыхтавала кніжныя выставы «З надзеяй, і верай, і сілай», «Заспявай ты мне песню такую», па творчасці беларускіх песняроў, дзе сабрала лепшыя творы пісьменнікаў.
Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа – гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас.
Якуб Колас і Янка Купала – выразнікі нацыянальнай самасвядомасці, народных пачуццяў. У сваіх творах яны раскрылі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і жыцця беларусаў, выявілі незвычайную сілу і творчую магутнасць беларускага слова.
Нібы адчуваючы нейкую віну за шматвяковую цяжкую і маркотную долю Беларусі, 140 гадоў назад Бог шчодра кінуў сваю зыркую іскру адразу ў дзве душы сялянскіх сыноў – і ў свет прыйшлі два нацыянальныя геніі. Успыхнулі дзве найярчэйшыя зоркі беларускай літаратуры: Янка Купала і Якуб Колас. Успыхнулі, каб паказаць усяму свету, што ёсць такі народ, што ёсць такая мова.
Іх імёны заўсёды вымаўляюцца разам, іх псеўданімы – з народнага жыцця і фальклору. З сялянскімі мазалямі на руках увайшлі яны ў нацыянальную і сусветную культуру, бо ніколі не аддзялялі сябе ад народа, не выракаліся яго працы, яго побыту, яго мовы.
Яны былі вельмі розныя і як асобы, і як творцы: парывісты, тэмпераментны, узнёслы Янка Купала; ураўнаважаны, падкрэслена рэалістычны Якуб Колас.
Адзін – вястун і прарок, другі – летапісец і філосаф. Нават іх паэтычныя імёны гаварылі аб рознасці іх творчай сутнасці: «Колас» – ад зямлі, ад працы, «Купала» – з летуценняў і мар аб папараці-кветцы, аб шчасці. Янка Купала і Якуб Колас пры жыцці паспелі адчуць народную любоў і ўдзячнасць.
Жыццё неаднойчы выпрабоўвала іх на адданасць бацькаўшчыне, і той рэдкі талент, які даў Бог, дапамог ім застацца дзвюма яснымі, чыстымі, нібы слязінкі, зоркамі, што ззяюць на творчым небасхіле нашай планеты, зоркамі з простымі беларускімі імёнамі – Янка Купала і Якуб Колас.
Чакаем усіх прыхільнікаў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа ў нашай бібліятэцы з 8.30 да 17.30.
Выставы будуць працаваць да лістапада.
Прыемнага прагляда!