Янка Купала – класік сусветнай і беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і сучаснай беларускай літаратурнай мовы, народны паэт Беларусі, духоўны лідэр беларускага нацыянальнага адраджэння. Выступаў як паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч, 1882–1942) узняў мастацкае слова на вышыню, якой да яго не ведала беларуская літаратура, стаў прызнаным спеваком свайго народа, яго гістарычнага лёсу. Жыццёвы шлях Івана Дамінікавіча пралёг праз самыя цяжкія і драматычныя перыяды ў гісторыі Беларусі: імперыялістычную і грамадзянскую войны, рэвалюцыі, пачатак савецкай эпохі, першыя гады Вялікай Айчыннай вайны.
Творчасць паэта – невычэрпная крыніца эстэтычнага натхнення, мастацкай дасканаласці, якая сілкуе сучасны літаратурна-мастацкі працэс, сапраўдная энцыклапедыя жыцця беларусаў канца ХІХ — пачатку ХХ ст.
Да 140 годзя з дня нараджэння Янкі Купалы бібліятэка мікрараена Быхаў-1 падрыхтавала віртуальную кніжную выставу “У думах, у сэрцах, у песнях”, каб пазнаеміць чытачоў з больш вядомымі творамі беларускага Песняра.
Купала, Я. Поўны збор твораў : у 9 т. / Янка Купала. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1995-2003. — 9 т.
Поўны збор твораў народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ажыццяўляецца ўпершыню. Выданне ўключае ўсе вядомыя на сённяшні дзень вершы, паэмы, п’есы, пераклады, літаратурна-крытычныя і публікацыйныя артыкулы, лісты, чарнавыя накіды, дарчыя надпісы на кнігах. Новае выданне дапоўнена творамі, якія выяўлены ў архівах і перыядычным друку або па пэўных меркаваннях не друкаваліся ў сямідзесятыя гады. Гэта вершы і вершаваныя пераклады, публіцыстычныя артыкулы і выступленні, празаічныя пераклады. Новыя творы значна пашыраюць уяўленне пра спадчыну Янкі Купалы як паэта, драматурга, літаратурнага крытыка і публіцыста. |
Купала, Я. Творы / Янка Купала ; [укладанне і каментарыі А. В. Вальчук] ; навуковы рэдактар У. В. Гніламёдаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. — 805, [1] с. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры).
Том складаюць выбраныя творы Янкі Купалы, напісаныя ім у розных жанрах – паэзія, драматургія, публіцыстыка. Сабраныя пад адной вокладкай, яны даюць уяўленне пра геніяльнага творцу, які, адораны ад прыроды вялікім талентам, дзякуючы засваенню народных традыцый і іх эстэтычнаму пераасэнсаванню і ўвасабленню, стаў выразнікам нацыянальнага светапогляду, а таксама прадвызначыў асновы адбудовы беларускай дзяржаўнасці, стварыў яе ідэалагему. |
Купала, Я. З кутка жаданняў : вершы, паэмы, п’есы / Янка Купала ; [укладанне В. Шніпа ; прадмова В. Максімовіча]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 445, [1] с. — (Школьная бібліятэка).
Можна з упэўненасцю сказаць, што яму ўдалося «песню стварыць ясну, як неба, у кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём». У вершы «Мая навука» (1919) Янка Купала акідвае позіркам пройдзены народам шлях і разважае пра сваю ролю ў барацьбе. Чым была яго паэзія – голасам праўды, люстэркам жыцця ці песняй для аднаго сябе? Паэт вельмі прыдзірліва аглядае свае паэтычныя скарбы, прыгадвае, як нялёгка было яму стварыць такую песню, каб народ прызнаў яе сваёй. У кнігу увайшлі таксама п’есы «Раскіданае гняздо» і «Тутэйшыя». |
Купала, Я. Роднае слова : вершы, паэмы, п’есы / Янка Купала ; [укладанне В. Шніпа]. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — 254, [1] с. — (Школьная бібліятэка).
Сваімі вершамі, паэмамі, драматычнымі творамі Янка Купала навучаў сялян-беларусаў «любіць свабоду, родны край і мову». Ніхто з беларускіх паэтаў пачатку стагоддзя з такім запалам, мужнасцю, таленавітасцю не адстойваў, не бараніў саму ідэю нацыянальнага адраджэння, як Янка Купала. Мэтай сваёй творчасці ён лічыў: “3 цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў паслухаць біцця…” |
Купала, Я. Спадчына : вершы і паэмы / Янка Купала. — Мінск : Юнацтва, 1988. — 349 с. — (Школьная бібліятка).
Першы паслярэвалюцыйны зборнік Янкі Купалы “Спадчына” адкрываецца вершам з аднайменнай назвай. У ім аўтар выказвае вялікую любоў да роднай старонкі – спадчыны, што засталася нам ад продкаў. Паэт называе яе самым вялікім скарбам, які беларусы павінны зберагчы і захаваць для нашчадкаў. Прыгадваючы родныя мясціны, Янка Купала з хваляваннем успамінае «вясеннія праталіны, і лесу шэлест верасны, і ў полі дуб апалены», «стары амшалы тын», «крык вароніных грамад» на могілках. Усё помніцца яму да дробязей, бо ён і ў думках, і ў снах непарыўна звязаны з бацькоўскай зямлёй.” |
Купала, Я. Явар i калiна : паэзiя кахання / Янка Купала. — Мінск : Юнацтва, 2000. — 219с.
Паэтычнымі матывамі кахання Янка купала пераўзыходзіць любога паэта ў беларускай класіцы. Гэта можа ўспрымацца адразу як нейкі парадокс: пісаў жа, здаецца, найбольш пра грамадскія праблемы, а тут раптам каханне. З вершаў любоўнай лірыкі, а іх каля сарака, з некаторых паэм “Ніколі”, “Адплата кахання”, “Магіла льва”, “Яна і я” укладальнікі склалі цэлую кнігу, у якой паэтызуюцца пачуцці маладых людзей, рыцарская высакароднасць, чары кахання. Інтымны свет лірыка сусветнага маштабу ўражвае сваёй духоўнай напоўненасцю. |