Узгадайце, колькі “хвілінак” апошні раз вы трымалі ў руках… кнігу?
Вельмі ж складана сёння знайсці час, каб проста пачытаць, перажыць вострыя калізіі жыцця любімага героя. Як быць?
Бібліятэка мікрараёна Быхаў-1 дапаможа вам у гэтым. Прапануем вам кнігі беларускіх пісьменнікаў у выкананні вядомых артыстаў разам з прафесійнымі гукарэжысёрамі і музыкальнай дапамогай, якiя спалучаць вашы банальныя жыццёвыя клопаты з магчымасцю паслухаць раман, аповесць, верш.
У аутамашыне, у грамадскім транспарце, у цесным сямейным коле вы зможаце цешыцца любімай кнігай.
Мы бярэмся пазнаёміць вас з беларускай літаратурай, якая жыве клопатамі пра час, народны лёс, які праламляецца ў лёсе асобных людзей. Яна вызначаецца пільнай увагай да асобы чалавека і штодзённых праяў жыцця. Рэальныя здабыткі сучаснай прозы немалыя…
Слухайце кнігі! Будзем рады вашым водгукам, пажаданням, заўвагам. Да сустрэчы ў цудоўнай краіне вечнага мастацкага Слова!
Багдановіч, М. Вершы : [Гуказапіс] : аўдыёкніга / М. Багдановіч ; чытае заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Манаеў. — Мінск : БелТонМедыа, 2008. — 1 электронны аптычны дыск (CD-ROM).Вашай увазе прадстануць вершы Максіма Багдановіча:
“Прывет табе, жыццё на волі!”, “Добрай ночы, зара-зарніца!”,”Вечар на захадзе ў попеле тушыць…”, “Зімовая дарога”, “Зіма” “Перад паводкай”, “Па-над белым пухам вішняў…”, “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, “Слуцкія ткачыхі” і інш. |
Максім Гарэцкі – адзін з тых літаратараў, якія свядома выбіралі свой цяжкі, цярністы шлях самаадданага служэння роднаму народу, заўсёды дарагой для іх бацькаўшчыны, і шчыра стараліся, калі гэта толькі ад іх залежала, ніколі не збочваць з яго. |
Творы народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ўваходзяць у скарбонку нацыянальнай літаратуры, уключаныя ў школьную праграму, і даўно ўжо маюць заслужаную любоў у аматараў прыгожага слова.
У аўдыёкнізе з серыі «Голас паэта» мэтр сам чытае ўласныя выбраныя творы, што робіць гэтыя запісы сапраўды ўнікальнымі. |
Выдатную галерэю вобразаў знакамітых дзеячоў Бацькаўшчыны Вольга Іпатава адкрыла ў 1971 годзе аповесцю “Прадслава”, прысвечанай Эўфрасінні Полацкай, якая:
“Сілай духоўнай узвысіла Полацк высока, |
Зборнік вершаў “Быў. Ёсць. Буду.” – апошняя, развітальная кніга Уладзіміра Караткевіча. Кніга – споведзь, кніга- прызнанне ў любові да роднага краю, кніга – запавет веры ў надзеі, дадзеныя нам.
У аўдыёкнігу ўвайшлі таксама выбраныя вершы Уладзіміра Караткевіча разных гадоў. |
У чым унікальнасць Уладіміра Караткевіча?.. У тым, што ён – стваральнік сучаснай беларускай міфалогіі. Яшчэ ў тым, што яго высокія, ці, як ён сам любіў казаць, “прыўкрасныя міфы” выглядаюць больш рэальнымі, чым сама рэальнасць.
Беларуская гісторыя ў пераказе Караткевіча – гэта гісторыя магутнай еўрапейскай дзяржавы, населенай самымі прыгожымі ў свеце жанчынамі і самымі смелымі, высакароднымі, адданымі роднаму краю воянамі – рыцарамі. Менавіта такая, сцвярджае Караткевіч, ёсць нашая краіна, менавіта гэткія ў ёй людзі. І ці знойдзецца чалавек, які, прачытаўшы Караткевіча, у гэта б не паверыў. |
Раману ў двух кнігах Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» прысвечаны падзеям напярэдадні паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі.
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гнева і змагання за незалежнасць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасць раману, вы адчуеце натуральнасць падзей. Кожны ўбачыць перад сабой хлапчука Алеся Загорскага, ды яго вясковых і шляхецкіх сяброў. Кожны ўбачыць, як памірае стары светапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай і нараджаецца новае пакаленне, якому суджана пакласці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы наканавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязменна спалучацца ў імклівую раку». |
Мастацкім летапісам беларускай гісторыі справядліва называюць спадчыну пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Усе яго творы — гэта жаданне вялікага таленту давесці свайму чытачу пра тыя лепшыя традыцыі, якія захаваў наш народ на працягу гістарычных стагоддзяў.
Тэма любові да Бацькаўшчыны — адна з галоўных у творчасці пісьменніка. Вызваленне асобы ад путаў Сярэднявечча трансфармавалася ў сучасную радыёлегенду пра беларуса гожага, свабодалюбівага, самадастатковага, які нават у самыя безвыходныя хвіліны жыцця здольны на пераможны ўчынак. |
У гістарычным рамане-дэтэктыве “Чорны замак Альшанскі” Уладзімір Караткевіч уваскрашае падзеі, якія адбываюцца ў далёкім мінулым. Падзеі, што гістарычна і сюжетна знітаваны з сучаснасцю. За гэты твор у 1984 годзе аўтар пасмяротна ўганаравалі Дзяржаўнай прэміяй імя Якуба Коласа. У той самы час на нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Міхаіл Пташук зняў паводле раману двухсерыйны мастацкі фільм “Чорны замак Альшанскі”. |
Паэма «Новая зямля» — мастацкая этнаграфія Беларусі. У паэме натуралістычна выпісана выключна ўсё, што характарызуе побыт беларуса: гаспадарчыя забудовы, хатні інтэр’ер, прылады працы, нацыянальныя стравы, жаночыя і мужчынскія строі, танцы, песні, народныя «залацінкі».
Чытаючы паэму, мы захапляемся мудрасцю і цвярозым розумам нашых продкаў: у іх не было нічога непатрэбнага, лішняга і, разам з тым, яны мелі ўсё неабходнае для здаровага ладу жыцця. |
Мы ўсведамляем Коласа перш за ўсё як пісьменніка-рэаліста. Аднак у яго спадчыне ёсць твор, у якім дзівосным чынам спалучана рэалістычнае, прычым на ўзроўні гістарычнага з рамантычным. І менавіта апошняе дамінуе і вызначае жанр паэмы «Сымон-музыка» як рамантычны твор. Гэтае выключэнне, зробленае песняром з яго уласнай галоўнай манеры, стылю адлюстравання жыцця, сведчыць пра асаблівае яго стаўленне і да праблемы твора, і да тых сродкаў, якімі яна вырашаецца.
Паэма прысвячаецца «беларускай моладзі». Удакладнім: той моладзі, якая наперакор нягодам і перашкодам цалкам і без астатку аддавала сябе Бацькаўшчыне і народу, несла «агонь душы і сэрца жар» для «душою чулых», — таленавітай моладзі. |
Камедыя нораваў “Паўлінка” высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты і дае магчымасць знаёмства з драматургіяй класіка беларускай літаратуры ў выкананні славутых майстроў беларускай сцэны.
Трагікамедыя “Тутэйшыя” – вяршыня сатырычнай камедыяграфіі Янкі Купалы. Твор, напісаны ў 1922 годзе, атрымаў другое жыццё, дзякуючы рэжысёру Мікалаю Пінгіну і адметна падабранаму акцёрскаму складу, дзе кожны выконвае сваю вызначальную вялікую роль. |
У вас з’явілася магчымасць пазнаеміцца з творчасцю такіх выдатных творчаў беларускай літаратуры, як Янка Купала і Уладзімір Някляеў.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) – класік беларускай літаратуры, паэт, драматург, публіцыст, выдатны дзеяч беларускага Адраджэння пачатку XX ст.Уладзімiр Някляеў – паэт, празаік, эсэіст. Нарадзіўся ў горадзе Смаргонь Гарадзенскай вобласці. Быў старшынёй Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН- цэнтру.Вершы, паэмы Янкі Купалы чытае В. Шушкевіч. Нарыс Уладзіміра Някляева “Шлях” чытаюць: ад аўтара – У. Някляеў і артысты – В. Шушкевіч, Д. Тарасенка, П. Гарадніцкі, А. Гарбур, В. Мазынскі, А. Жуковіч, А. Іванькова. |
Аўдыёкнігу склалі дзве найзнакамітыя аповесці заснавальніка беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра: “У краіне райскай птушкі” і “Палескія рабінзоны”, якія ўпершыню выйшлі друкам у 1930-я гады.
У сваіх “Палескіх рабінзонах”, выкарыстаўшы традыцыйную ў літаратуры “рабінзанаду”, Маўр цікава распавёў пра прыродныя багацці нашага Палесся. Гэтая аповесць вучыць быць смелым, упарта дамагацца мэты і адольваць любыя цяжкасці. Аповесць “У краіне райскай птушкі” расказвае пра жыццё тубыльцаў у каланіяльнай, залежнай краіне, пра іх барацьбу за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Аўтар услаўляе смеласць, волю і розум чалавека. |
Раман “Людзі на балоце” бясспрэчна ўваходзіць у залаты фонд шэдэўраў усясветнай прозы XX ст. Гэтай кнігай Іван Мележ бліскуча распачаў так званую “Палескую хроніку” – серыю раманаў, прысвечаных жыццю звычайнага беларускага сяляніна ў палескай вёсцы Курані. Да “Палескай хронікі”, для якой аўтар плянаваў, але так і не паспеў напісаць 8-мі раманаў, уваходзяць яшчэ дзве кнігі – “Подых навальніцы” і “Завеі, снежань”. |
“Подых навальніцы” – другі раман цыклу “З палескай хронікі”.
Пісьменнік працягвае тэму сацыяльных переўтварэнняў беларускай вёскі 20-х гадоў XX ст. Драматычныя калізіі жыцця герояў рамана разгортваюцца на фоне драмы народнай. |
Творчасць Уладзіміра Някляева з’яўляецца адной з найбольш яскравых старонак сучаснай беларускай паэзіі. Жанр паэмы, бадай, найбольш арганічны для Уладзіміра Някляева, найбольш адпаведны прыродзе ягонага таленту. Гэта тая дыстанцыя, на якой паэт найглыбей дыхае, лепш за ўсё сябе спачувае, а яго паэмы без аніякага перабольшання можна аднесці да найзначных здабыткаў сучаснай літаратуры.
У вас з’явіцца магчымасць паслухаць творы з кнігі вершаў “Адкрыццё”, з кнігі “Вынаходцы вятроў” з кнігі “Знак аховы”, з кнігі “Наскрозь…”, паэмы |
Вы зможаце паслухаць творы вядомых беларускіх пісьменнікаў:
Творы для вас чытаюць Андрэй Каляда і Наталля Кухарава. |
У творы тэма сучаснасці і тэма вайны перакрыжоўваюцца з вострай канфліктнай маральна-этычнай асновай. Пісьменнік пераканаўча даводзіць, што без праўдзівага мінулага няма будучыні.
Раман “Вазьму твой боль” завастрае праблему памяці і чалавечай душы, скалечанай вайной. Былы паліцай Шышковіч пасля турмы вяртаецца ў вёску, дзе падчас вайны пакінуў крывавыя сляды: забіў цяжарную маці і маленькую сястрычку цяперашняга калгаснага механізатара Івана Батрака, які не можа забыцца пра гэтае злачынства… |
Аўтар рамана падымае праблемы маралі і чысціні адносінаў паміж людзьмі.
У творы старшыня гарсавета Гукан піша гісторыю падпольнага руху, адступаючы ад ісціны. Зося Савіч імкнецца вярнуць сумленнае імя свайго бацькі доктара Савіча. Супраць Гукана паўстаюць хірург Яраш і журналіст Шыковіч, якія выкрываюць яго нядобрасумленнасць. Падзеі адбываюцца ў мірны час і перамяжоўваюцца з успамінамі герояў пра ваенныя гады. |