Я з душы сваей вырвала слова…

Раіса Андрэеўна Баравікова нарадзілася 11 мая 1947 у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Беларуская пісьменніца, перакладчыца.

Нарадзілася ў сям’і служачага. Працавала літсупрацоўнікам у Быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971-1972). У 1972-77 гадах –карэспандэнт газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983-88 гадах – літкансультант рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1996-2000 гадах намеснік, у 2000-2002 гадах галоўны рэдактар часопіса «Алеся». Галоўны рэдактар часопіса «Маладосць» (2002-2011). Супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» (2011-2012).

Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1977).

Дэбютавала ў друку ў 1960 годзе. У зборніках паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992) дамінуе тэма кахання, прага высокага духоўнага ідэалу, роздум пра час, абавязак перад сваім народам, долю жанчыны, пошук чалавечага шчасця. Эпізоды беларускай гісторыі адлюстраваны ў вострасюжэтнай драматычнай паэме «Барбара Радзівіл» (1992).

Самая істотная рыса паэтычнай творчасці – гранічная адкрытасць душы, прачулая музыка слова. Вершы і паэмы надзвычай эмацыянальныя, напоўненыя экспрэсіяй, вызначаюцца вытанчанасцю лірычных пачуццяў. Падсумаваннем яе творчай працы можна лічыць кнігі выбранай паэзіі «Сад на капялюшыку каханай» (1998), «Дрэва для райскай птушкі» (2007).

Аўтар аповесці «Кватарантка» (1980) пра моладзь, пошукі свайго месца ў жыцці. Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны „Я“, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002). Аўтар п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996). Перакладае з рускай, украінскай і польскай моў.

Прэміі і ўзнагароды:

Літаратурная прэмія СП БССР імя А. Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне».
Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) – за кнігу паэзіі «Люстэрка для самотнай».
Бібліятка мікрараена Быхаў-1 да юбілею пісьменніцы падрыхтавала віртуальную кніжную выставу “Я з душы сваей вырвала слова…”
Прапануем вашай увазе некаторыя з вядомых кніг аўтара. Чакаем вас у бібліятэцы, будзем рады сустрэчы з вамі!

Баравікова, Р.А. Кватарантка : аповесць / Раіса Баравікова. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. — 144 с.

Няўдала пачынае сваё самастойнае жыццё нядаўняя выпускніца педінстытута Алёна Феафанава: сутыкнуўшыся з першымі цяжкасцямі, яна кідае работу, прыязджае ў сталіцу, якая здаўна вабіла яе.
Што гэта – пошукі свайго месца ў жыцці ці імкненне лепш «уладкавацца»? «Кватарантка» – аповесць пра моладзь, пра ўчынкі, у якіх праяўляецца характар, пра крытэрыі дабра і зла, пра тое, якім павінен быць чалавек, каб не застацца назаўсёды «духоўным кватарантам».

Баравікова, Р.А. Сад на капялюшыку каханай : лірыка / Раіса Баравікова. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. — 486 с. — (“Залатая серыя”. Паэзія ХХ стагоддзя).

Усім вядомы біблейскі сюжэт: Бог стварыу райскі сад, пасяліў у ім Адама i Еву… Еву спакусіў Гад, пасля чаго забаронены плод пакаштаваў i Адам, але гаворка ў дадзеным выпадку не пра грэх, а пра тое, што на Зямлі ў кожнага з нас ёсць свой сад. Для лаўрэата Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова i Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы вядомай паэтэсы Раісы Баравіковай гэты сад — «Сад на капялюшыку каханай». Які ён, хай мяркуе чытач.

Баравікова, Р.А. Кава для дамавіка : апавяданні, аповесць / Раіса Баравікова /. — Мінск : Мастацкая літітаратура, 2013. — 302 с. — (Беларуская проза ХХІ стагоддзя).

Творы гэтай кнігі напісаны ў плыні псіхалагічнай фантастыкі. Калі чалавеку пачынае надакучаць будзённая аднастайнасць зямнога свету, ён шукае ў сваіх думках свет паралельны. Менавіта гэты, паралельны свет пісьменніца Раіса Баравікова вельмі арганічна ўпісвае ў свет творчай фантазіі. У выніку атрымліваюцца займальныя і вельмі праўдзівыя сюжэты на тэмы жыцця і смерці, кахання і расчараванняў.

Баравікова, Р.А. Рамонкавы бераг. Слухаю сэрца : вершы / Раіса Баравікова /. — Мінск : Выдавецкі дом “Звязда”, 2013. — 176 с. — (Школьная бібліятэка).

У зборнік вядомай пісьменнiцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы Раісы Баравіковай yвайшлі вершы з кніг «Рамонкавы Бераг», «Слухаю сэрца» i іншых. Выданне cepыі «Школьная бібліятэка» будзе цікавае як для вучняў, так і для шырокага кола чытачоў.

Баравікова, Р.А. Казкі астранаўта : Касмічныя падарожжы беларусаў / Раіса Баравікова /. — Мінск : Літаратура і мастацтва, 2009. — 144 с. — (Школьная бібліятэка).

Прыгодніцкія казкі Раісы Баравіковай — вядомай беларускай пісьменніцы, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь — даўно палюбіліся юным чытачам. I вось — чарговая кніга казак, напісаная ад імя астранаўта-беларуса. Дзівосны, заманлівы і таемны свет далёкіх планет адкрыецца чытачу і, безумоўна, захопіць не толькі неверагоднымі прыгодамі герояў кнігі, але і цікавымі звесткамі пра асобныя зоркі і нават цэлыя сузор’і. Пісьменніца ўдала спалучае поўны нечаканасцей свет чужых планет з блізкім і родным светам нашай планеты, дзе, зразумела, самыя прыгожыя і добрыя пачуцці звернуты да Беларусі.