З мэтай папулярызацыі беларускай мовы філіял «Гарадская бібліятэка мікрараёна Быхаў-1» сумесна з супрацоўнікамі Цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў арганізавалі і правялі для школьнікаў літаратурна-музычную гасцёўню «Мелодыя беларускага слова», прысвечаную Міжнароднаму дню роднай мовы.
На пачатку мерапрыемства бібліятэкар паведаміла вучням, чаму менавіта Міжнародны дзень мовы адзначаецца 21 лютага, а таксама гісторыю ўзнікнення роднай мовы ад стараславянскай да сучаснай.
Дзеці з вялікім жаданнем удзельнічалі ў конкурсах «Загадкі з скрыначкі», «Выпраў памылкі», «Адгадай казку», перакладалі словы з рускай мовы на беларускую, пісалі свае любімыя словы на беларускай мове.
На працягу ўсяго мерапрыемства гучала толькі родная мова. Аповед чаргаваўся з музычнымі застаўкамі на вершы беларускіх паэтаў.
Да мерапрыемства была арганізавана кніжная выстава «Роднаму слову – гучаць вечна!», якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання. Усе ўдзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што наша родная мова для нас – самая прыгожая.







