4 жніўня 2022 года споўнілася 105 гадоў з дня нараджэння Янкі (Івана Антонавіча) Брыля (1917–2006), народнага пісьменніка Беларусі, празаіка, публіцыста, перакладчыка.
У 1931 годзе Янка Брыль скончыў польскую сямігадовую школу ў мястэчку Турэц, потым паступіў у Навагрудскую гімназію, але матэрыяльныя абставіны не дазволілі яму працягнуць вучобу.
Вельмі рана ў юнака абудзілася жаданне выказаць свае думкі і пачуцці ў вершах, апавяданнях. У выніку ў 1938 годзе на старонках папулярнага ў свой час заходнебеларускага часопіса «Шлях моладзі» з’явіліся першыя літаратурныя спробы – вершы «Апошнія крыгі», «Ажываюць лес і поле…», «Запрог у саху Рыгор сівулю…», «Спатканне». Акрамя таго, Янка Брыль меў яшчэ і арганізатарскі талент, займаўся культурнай і асветніцкай працай. У роднай вёсцы ён стварыў драматычны гурток, ставіў спектаклі і перакладаў на беларускую мову для тэатральнага рэпертуару творы рускіх і польскіх аўтараў.
Першы зборнік твораў Я. Брыля «Апавяданні» быў надрукаваны ў 1946 годзе. Услед за ім убачылі свет «Нёманскія казакі» (1947), «Вераснёвая рунь» (1949), «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951) і аповесць «У Забалоцці днее» (1951), за якую ў 1952 годзе ён атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР.
Сам пісьменнік лічыў сябе перш за ўсё апавядальнікам-малафармістам. Яго лірычныя мініяцюры, нататкі, абразкі атрымалі шырокае прызнанне чытачоў (зборнікі «Жменя сонечных промняў» (1965), «Вітраж» (1972), «Сёння і памяць» (1985), «Вячэрняе» (1994), «Пішу як жыву» (1994), «Сцежкі, дарогі, прастор» (2001) і інш.).
У 1981 годзе Я. Брылю было нададзена званне «Народны пісьменнік Беларусі», з 1994 года ён – Ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, «Дружбы народаў», «Знакам Пашаны», медалямі.
Жыццё Янкі Брыля скончылася 25 ліпеня 2006 года. Адна з вуліц Мінска носіць яго імя. Рукапісы пісьменніка захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.
Да юбілейнай даты ў бібліятэцы мікрараена Быхаў-1 была зроблена кніжная выстава “Закалыханы жытам і словам”, дзе да ўвагі чытачоў прадастаўлены кнігі рознага жанру і розных гадоў выдання.
Выстава будзе працаваць да 19 жніўня.
Запрашаем усіх прыхільнікаў творчасці Янкі Брыля!