Не адна ваенная навала пракацілася па беларускай зямлі, пакідаючы папялішчы і руіны, а ў людскіх сэрцах – гора, слезы, пакуты, смерць. Дваццатае стагоддзе застанецца ў нашай гісторыі як адно з самых трагічных, і найперш таму, што гітлераўскі фашызм у гады Другой сусветнай вайны забраў мільёны чалавечых жыццяў.
Вось ўжо 78 год наша краіна жыве пад мірным небам, вось ўжо 78 год тэма Вялікай Айчыннай вайны не пакідае абыякавымі пісьменнікаў і паэтаў.
Беларуская літаратура ішла дарогамі вайны, вобразна кажучы, стала ў баявыя шарэнгі, набліжала Перамогу. Палымянае мастацкае слова зрабілася адным з магутных сродкаў змагання з ворагамі. Змагаліся празаікі, паэты, змагаліся і іх творы. Яны, нібы салдаты ў баі, баранілі Радзіму.
9 мая наша краіна адзначае знакавае свята – Дзень Перамогі. Да гэтай падзеі прымеркавана кніжная выстава «Нельга забыць».
Творы пра Вялікую Айчынную вайну займаюць у беларускай літаратуры асаблівае месца. Частка гэтай спадчыны сабрана на выстаўцы. Подзвіг нашых бацькоў і дзядоў зноў і зноў ажывае на старонках кніг. Кожны твор – гэта паклон пакаленню пераможцаў.
На адной з паліц сабраны кнігі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны ў родным Быхаве.