Творы Уладзіміра Арлова

Нарадзіўся Уладзімір Арлоў 25 жніўня 1953 года ў горадзе Полацку ў сям’і служачых. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1975). Выкладаў гісторыю ў школе ў Наваполацку (1975-1976). З 1976 года працаваў у рэдакцыі гарадской наваполацкай газеты «Хімік» — карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара. З 1988 года – рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 года.

Першыя творы змясціў у самвыдатаўскіх альманахах «Блакітны ліхтар» і «Мілавіца». Дэбютны празаічны зборнік «Добры дзень, мая Шыпшына» выдаў у 1986 годзе, пасля чаго выйшлі яшчэ трыццаць кніг прозы, эсэістыкі і паэзіі, у тым ліку «Таямніцы полацкай гісторыі», «Адкуль наш род», «Ордэн Белай Мышы», «Час чумы», «Каханак яе вялікасьці», «Сланы Ганібала», «Адкусі галаву вароне», «Фаўна сноў», «Краіна Беларусь», «Паром празь Ля-Манш». Аўтар кніг, апавяданняў і аповесцей «Дзень, калі ўпала страла» (1988), навукова-папулярнай кнігі «Асветніца з роду Ўсяслава» (1989).

Пераклаў з рускай мовы гісторыка-этнаграфічны нарыс  М. Улашчыка «Была такая вёска» (1989).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1986) за кнігу «Добры дзень, мая Шыпшына». Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Арлоў, У. Адкуль наш род [Гуказапіс] : апавяданні з гісторыі Беларусі для малодшых школьнікаў : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае аўтар. — Мінск : БелТонМедыа, 2008. — 1 гукавы дыск.

З гэтага дыска вы даведаецеся пра мінулае Беларусі, пачынаючы ад тых часоў, калі на нашай зямлі з’явіліся першыя людзі, як жылі нашы продкі, як яны будавалі гарады і баранілі Бацькаўшчыну ад ворагаў. Вас чакае сустрэча з князем Усяславам Чарадзеям і асветніцай Еўфрасінняй Полацкай, з Вітаўтам Вялікім і канцлерам Львом Сапегам, з ваяводамі Канстанцінам Астрожскім і Янам Хадкевічам.

Аўдыёкніга мае багатае гукавое афармленне і малюнкі, што стварае ў слухача эфект прысутнаці пры падзеях, аб якіх апавядае аўтар. Кнігу можна не толькі слухаць, але і чытаць.

Арлоў, У. Ордэн Белай Мышы [Гуказапіс] : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае аўтар. Мінск : БелТонМедыя, 2008. — 1 гукавы дыск.

Ці можна ўявіць сабе адну краіну, дзе ёсць адзін кароль, адзін паліцэйскі, адзін студэнт?

Усё выдатна, бо няма рухавіка, які рухае гісторыяй – спаборніцтва. Спаборніцтва думак, спаборніцтва здольнасцяў. Аднак у плын рутыннага жыцця, як яблык раздору, аўтар дадае рэч, якая таксама адна – Ордэн Белай Мышы, які вядома можа належыць толькі аднаму кавалеру. Дух змагання прымушае перажыць і пераасэнсаваць сэнс звычайнага, штодзённага жыцця адной краіны.

Арлоў, У. Паром праз Ля-Манш [Гуказапіс] : вершы : айдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае аўтар. — Мінск : БелТонМедыя, 2008. — 1 гукавы дыск.

Аўдыёкнігу склалі вэрлібры са зборніка “Паром празь Ля-Манш”, а таксама вершы, якія яшчэ не друкаваліся ў паэтычных кнігах Уладзімера Арлова.

Паэтычны зборнік “Паром празь Ля-Манш” пераствораны па-польску знакамітым перакладчыкам Адамам Паморскім. Кніга прынесла аўтару міжнародную прэмію «Эўрапейскі паэт свабоды» (Гданьск, 2010).

Арлоў, У.  Паўстанцы [Гуказапіс] : гістарычныя эсэ : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў. — Мінск : БелТонМедыа, 2008. — 1 гукавы дыск.

Аўдыёкніга змяшчае гістарычныя эсэ з аўтарскай радыёпраграмы “Галерэя Кліё” (1999—2002). Чытае аўтар.

Змест: Тадэвуш Касьцюшка; Міхал Клеафас Агінскі; Эмілія Плятэр; Міхал Валовіч; Ігнат Дамейка; Кастусь Каліноўскі; Міхал Андрыёлі; Ахіл Банольдзі; Зыгмунт Мінейка; Людвік Нарбут; Адам Пуслоўскі; Валер Урублеўскі; Ян Чэрскі; Макар Краўцоў.

Арлоў, У. Сны імператара [Гуказапіс] : гістарычная аповесць. Апавяданні : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае Андрэй Каляда. Мінск : БелТонМедыя, 2008. — 1 гукавы дыск.

У аўдыёкнігу Уладзіміра Арлова ўвайшлі папулярныя гістарычныя апавяданні, а таксама аповесць “Сны імператара”.

Слухача чакае сустрэча з цэлаю галерэяй гістарычных асоб, сярод якіх Напалеон Банапарт і паўстанцы 1863 года, Кацярына II і царазабойца Ігнат Грынявіцкі, філосаф Казімір Лышчынскі і князь Геранім Радзівіл.

Арлоў, У. Таямніцы полацкай гісторыі [Гуказапіс] : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае аўтар .Мінск : БелТонМедыя, 2008. — 1 гукавы дыск.

Вас чакае захапляльнае падарожжа ў полацкую даўнiну. Аўтар цiкава i дасцiпна апавядае пра незалежнае Полацкае княства i лёс нацыянальнай рэлiквii — крыжа святой Еўфрасiннi, пра дзейнасць у Полацку ордэна iезуiтаў i падзеi 1812 года, пра Полацкi кадэцкi корпус i выдатных людзей, якiх даў Беларусi i свету найстаражытнейшы горад нашай краiны.

Арлоў, У. Час чумы [Гуказапіс] : аўдыёкніга / Уладзімір Арлоў ; чытае Леанід Дзяркач. Мінск : БелТонМедыя, 2008. — 1 гукавы дыск.

Гісторыя Беларусі застаецца галоўнай тэмай творчасці Уладзіміра Арлова.

У цэнтры аповесці «Час чумы» выдатны беларускі паэт эпохі Рэнесансу Мікола Гусоўскі. У ахопленым чумою Рыме, ён завяршае геніяльную «Песню пра зубра» і ратуе ад смерці сваю каханую Франчэску.

comments powered by HyperComments