У бібліятэцы мікрараёна Быхаў-1 прайшоў пазнавальны круіз «Вандроўка ў родную мову», прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы.
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Для большасці нацыянальнасцяў, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі, роднай з’яўляецца менавіта беларуская мова. Роднай – значыць, любімай, дарагой, самай-самай. Беларусам многія могуць пазайздросціць: у спадчыну ім засталася па-сапраўднаму ўнікальная мова – самая мілагучная і самая старажытная сярод славянскіх.
На пачатку мерапрыемства бібліятэкар паведаміла вучням, чаму менавіта Міжнародны дзень мовы адзначаецца 21 лютага, а таксама гісторыю ўзнікнення роднай мовы ад стараславянскай да сучаснай. На працягу ўсяго мерапрыемства гучала толькі родная мова. Аповед чаргаваўся з музычнымі застаўкамі на вершы беларускіх паэтаў. Праверыць свае веды па беларускай мове вучні змаглі, адказаўшы на пытанні віктарыны «Смак роднай мовы», справіўшыся з размінкай «Загадкі-жарты». Асабліва спадабаўся ўдзельнікам конкурс скорагаворак «Хуткамоўкі. Чытаем разам». Шмат прагучала прыказак, прымавак, фразеалагізмаў і загадак.
Асаблівую ўвагу наведвальнікаў бібліятэкар звярнула на кніжную выставу «Роднаму слову – гучаць вечна!», якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання. Падчас пазнавальнага круіза ўсе прыйшлі да высновы, што наша родная мова для нас – самая прыгожая. Менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць народнага слова.